Упраўленне абароны канкурэнцыі і спажыўцоў Польшчы (UOKiK) прад’явіла абвінавачанні платформе Netflix. Прычынай стала павышэнне аплаты без выразнай згоды кліентаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік UOKiK Томаш Хрустны.
«Інфармацыя пра павышэнне аплаты сапраўды змяшчалася, напрыклад, у электронных лістах або з’яўлялася пасля ўваходу ва ўліковы запіс на платформе. Аднак не былі выкананыя ўмовы, неабходныя для таго, каб змены цаны былі законнымі. Адсутнасць рэакцыі з боку спажыўца на паведамленне пра павышэнне Netflix трактуе як маўклівую згоду на спісанне з карткі большай сумы. Такім практыкам мы кажам катэгарычнае не», — падкрэсліў Хрустны.
Кіраўнік антыманапольнага ведамства дадаў, што аднабаковае змяненне ўмоваў дамовы ўключана ў спіс забаронены практык. Калі абвінавачанні пацвердзяцца, Netflix можа быць аштрафаваны на суму да 10% гадавога абароту ў Польшчы. Акрамя таго, кампанію могуць абавязаць вярнуць неабгрунтавана спісаныя грошы кліентам.
IAR/эж