Беларуская Служба

Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны у Польшчы чакае подпісу прэзідэнта Наўроцкага

19.09.2025 10:02
Гэты закон чакаюць не толькі бежанцы з Украіны і ўкраінцы, якія працуюць у Польшчы, якія гадуюць у Польшчы сваіх дзяцей.
Сенатар Вадзім ТышкевічPAP/Tomasz Gzell

Сенатар Вадзім Тышкевіч спадзяецца, што прэзідэнт Караль Наўроцкі падпіша закон аб дапамозе грамадзянам Украіны. У інтэрв'ю Польскаму радыё ён падкрэсліў, што гэтых палажэнняў чакаюць не толькі бежанцы, але і прадпрымальнікі.

— Гэты закон чакаюць не толькі бежанцы з Украіны і ўкраінцы, якія працуюць у Польшчы, якія гадуюць тут сваіх дзяцей. Таксама чакаюць прадпрымальнікі, таму што ўкраінцы з'яўляюцца вельмі важнай часткай польскага рынку працы і калі прэзідэнт стане вышэй за падзелы і падпіша гэты закон, то ўсім гэта будзе карысна.

Законапраект, прыняты Сеймам у мінулую пятніцу (12 верасня), абумоўлівае выплату дапамогі 800+ на дзяцей замежнікам іх прафесійнай дзейнасцю. Палажэнні таксама падаўжаюць легальнае знаходжанне бежанцаў з Украіны да сакавіка 2026 года.

Сенат прыняў законапраект на гэтым тыдні без паправак.

У ліпені прэзідэнт Караль Наўроцкі наклаў вета на папярэднюю версію законапраекта.

IAR/яс