Беларуская Служба

Міністр фінансаў Польшчы: Мы падтрымліваем рэпарацыйную пазыку для Украіны

29.09.2025 16:03
Сродкі знаходзяцца на рахунках бельгійскай разліковай кампаніі Euroclear, а ўрад Бельгіі асцерагаецца магчымых судовых пазоваў з боку Расіі. 
Анджэй ДоманьскіPAP/Radek Pietruszka

Польшча падтрымлівае прапанову прадастаўлення Украіне рэпарацыйнай пазыкі ў памеры 140 млрд еўра, якая павінна быць прафінансаваная з замарожаных у Еўрапейскім саюзе актываў Цэнтральнага банка Расіі. Ініцыятыва належыць Еўрапейскай камісіі.

Міністр фінансаў Польшчы Анджэй Даманьскі, які знаходзіцца ў Бруселі, падкрэсліў, што Варшава з самага пачатку мела выразную пазіцыю:

«Агрэсар павінен заплаціць за вайну, павінен заплаціць за разбурэнні. І наша пазіцыя тут з самага пачатку была вельмі адназначная. Таму мы цешымся, што Еўрапейская камісія выпрацоўвае формулу, якая дазволіць выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы для адбудовы Украіны. Польшча будзе падтрымліваць гэтыя дзеянні», — заявіў польскі палітык.

Пытанне застаецца складаным, бо сродкі знаходзяцца на рахунках бельгійскай разліковай кампаніі Euroclear, а ўрад Бельгіі асцерагаецца магчымых судовых пазоваў з боку Расіі. Аднак Еўрапейская камісія сцвярджае, што знайшла прававы механізм, які дазволіць рэалізаваць ініцыятыву.

Паводле Камісіі, гаворка ідзе пра часовае рашэнне, і гэта не будзе канфіскацыяй расійскіх актываў. План прадугледжвае падпісанне пазыковага пагаднення з бельгійскай кампаніяй, перавод сродкаў на рахунак Еўрасаюза, пасля чаго яны будуць перададзены Украіне. Улады ў Кіеве вярнулі б гэтую пазыку толькі пасля атрымання ваенных рэпарацый ад Расіі.

iar/эж