«У нас ужо месяц назіраецца вельмі хуткі і значны рост колькасці выпадкаў», – сказаў галоўны санітарны інспектар Павал Гжэсёўскі ў інтэрв'ю Polskie Radio 24 пра інфекцыі COVID. Ён падкрэсліў, што афіцыйныя паведамленні – гэта толькі вяршыня айсберга.
«Што да кавіду, то ў нас справы ідуць даволі дрэнна, бо ўжо месяц назіраецца вельмі хуткі і вялікі рост колькасці выпадкаў», – сказаў Павал Гжэсёўскі. «Мы казалі, што, верагодна, будзе восеньская хваля, і, на жаль, яна ўжо наступіла», – дадаў ён.
Санітарны інспектар падкрэсліў, што хвароба праходзіць не цяжка і не раптоўна.
«Большасць людзей хварэе дома. Асноўнымі сімптомамі зʼяўляюцца боль горла, гаймарыт або кашаль, і толькі людзі з так званых груп рызыкі падвяргаюцца рызыцы ўскладненняў», – сказаў Павал Гжэсёўскі.
Ён нагадаў, што папярэдняя хваля, даволі нечакана, адбылася ў сярэдзіне мінулага лета.
«Пік захворвання склаў каля 140 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў у тыдзень», – прывёў ён дадзеныя, растлумачыўшы, што гэта азначае 50 тысяч новых выпадкаў у тыдзень.
«Цяпер у нас каля 30 тысяч з нечым паведамленняў у тыдзень», – адзначыў ён, папярэдзіўшы, што «гэта, верагодна, толькі вяршыня айсберга». «Значная колькасць пацыентаў не ідзе да ўрача; яны купляюць тэсты ў аптэцы і застаюцца дома», – сказаў ён.
PR24/ав