Беларуская Служба

Яраслаў Качыньскі: «Наш абавязак — падрыхтаваць праграму, рэалізацыя якой дазволіць грамадзянам адчуваць сябе бяспечна»

24.10.2025 13:04
Новая праграма партыі мае на мэце паўплываць на грамадства, у тым ліку ў такіх ключавых галінах, як ахова здароўя, эканоміка і бяспека. 
 .
Яраслаў Качыньскі.Фота: PAP/Art Service
У Катавіцах пачаўся праграмны з'езд апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» пад назвай «Думаючы: Польшча». Яго адкрыў старшыня групоўкі Яраслаў Качыньскі.

Старшыня ПіС падкрэсліў, што новая праграма партыі мае на мэце паўплываць на грамадства, у тым ліку ў такіх ключавых галінах, як ахова здароўя, эканоміка і бяспека. Паводле яго слоў, важнейшым элементам праграмы партыі будзе будаванне сістэмы бяспекі палякаў.

— Пачуццё бяспекі палякаў было сур’ёзна парушана. Калі жыхарам Польшчы задаюць пытанне, што для іх самае важнае, гэтая праблематыка займае высокае месца ў іх адказах. Святы абавязак нас усіх – падрыхтаваць такую праграму, рэалізацыя якой дазволіць грамадзянам адчуваць сябе больш бяспечна, чым цяпер. Ва ўсіх справах, на ўсіх узроўнях.

«Права і справядлівасць» пачынае падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў 2027 года. Падчас з'езду партыя будзе працаваць над новай палітычнай праграмай. Запланавана больш за 100 панэльных дыскусій з удзелам больш за 600 гасцей — палітыкаў ПіС і айчынных і міжнародных экспертаў. З'езд партыі ў Катавіцах працягнецца да суботы, 25 кастрычніка.

IAR/нг