У Дзень незалежнасці Польшчы 11 лістапада адбудзецца запуск першага вайсковага спадарожніка ў бела-чырвоных нацыянальных колерах. Ракета Falcon 9 кампаніі SpaceX выведзе апарат на нізкую калязямную арбіту. Старт запланаваны на 19:18 паводле варшаўскага часу (21:16 паводле мінскага) з касмадрома Вандэнберг у Каліфорніі.
Запуск стане важнай падзеяй для польскай арміі, сказаў віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, падкрэсліўшы, што праект – вынік доўгіх месяцаў працы.
- Гэта важны дзень для польскага войска. Мы працавалі над гэтым праектам шмат месяцаў. Хацелася б, каб гэты год, адзначаны ўжо палётам у космас Славаша Узнаньскага-Вісьнеўскага і іншымі падзеямі, завяршыўся запускам першага польскага спадарожніка. Гэта манахраматычны спадарожнік, здольны весці назіранне незалежна ад надворʼя і часу сутак. Гэта тэхналогія, якая ўжо прымяняецца ва Украіне. Польшча стала другой краінай НАТА пасля Нідэрландаў, якая закупіла такія апараты.
Праект рэалізуецца ў рамках праграмы MikroSAR, якую Міністэрства абароны Польшчы заключыла ў маі гэтага года з кансорцыумам ICEYE і Лодзінскім ваенным заводам сувязі №1.
Кампанія ICEYE, якая спецыялізуецца на распрацоўцы спадарожнікаў з радарамі сінтэтычнай апертуры (SAR), паставіць тры апараты назірання Зямлі, якія здольных забяспечваць дэталёвую здымку паверхні нават пры воблачнасці ці ў начны час.
Лодзінскі завод у сваю чаргу створыць наземную станцыю прыёму дадзеных з мабільнай антэнай, што дазволіць польскім узброеным сілам у рэальным часе атрымліваць выявы і аналітычныя матэрыялы з арбіты.
Калі ўмовы надворʼя перашкодзяць запуску 11 лістапада, то рэзервовая дата старту прызначаная на 13 лістапада.
вс