«Адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю не з'яўляецца часткай палітычных перамоваў аб вызваленні Анджэя Пачобута», заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск. Кіраўнік польскага ўрада пацвердзіў, што пераходы ў Баброўніках і Кузніцы Беластоцкай будуць разблакаваныя ў панядзелак (17 лістапада).
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што гэтае рашэнне з'яўляецца вынікам узмацнення шчыльнасці бар'ера на польска-беларускай мяжы, а таксама ціску з боку жыхароў і бізнесу:
— Гэта не ёсць адкрыццё мяжы, а толькі адкрыццё канкрэтных КПП, што звязанае з інтарэсам нашых мясцовых жыхароў і прадпрымальнікаў. Гэта аўтаномнае рашэнне, звязанае з прэсінгам жыхароў Падляшша, у прыватнасці, якія жывуць блізка мяжы, якія і так нясуць цяжар у выніку палітыкі Беларусі на мяжы з Польшчай.
На мяжы з Беларуссю для руху транспартных сродкаў адкрыты толькі пераход Тэрэспаль-Брэст, а для грузавікоў — пераход Кукурыкі-Казловічы. Грузавы чыгуначны рух праходзіць праз пераходы ў Кузніцы Беластоцкай, Сямяноўцы і Тэрэспалі. Дональд Туск адзначыў, што Польшча працягвае дамагацца вызвалення Анджэя Пачобута:
— Мы няспынна вядзём перамовы не толькі за вызваленне Анджэя Пачобута. У нашым спісе яшчэ некалькі прозвішчаў. Гэта адна з першым спраў, якой я заняўся на пасадзе прэм'ер-міністра: магчымасць вызвалення Пачобута. Гэта вельмі блізка майму сэрцу. Вынікаў, пакуль няма.
Анджэй Пачобут, журналіст і лідар польскай меншасці ў Беларусі, ужо некалькі гадоў знаходзіцца ў зняволенні рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў асуджаны на 8 гадоў у палітычным працэсе па сфабрыкаваных абвінавачваннях.
IAR/яс