Гэта найбуйнейшая інвестыцыйная праграма ў польскім войску — на працягу двух гадоў Польшча будзе мець гатовую сістэму барацьбы з беспілотнікамі, якая дапоўніць існуючую сістэму супрацьпаветранай абароны. Пагадненне па праграме SUN было падпісана ў Кабылцы пад Варшавай, у прысутнасці прэм'ер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэм'ера Уладзіслава Касіняка-Камыша.
«У Еўропе няма іншай падобнай сістэмы супрацьдзеяння беспілотнікам», — сказаў прэм'ер-міністр Дональд Туск падчас цырымоніі падпісання дамовы.
Кантракт падпісалі Агенцтва па ўзбраеннях, якое адказвае за закупку ваеннай тэхнікі, і кансорцыум, які складаецца з PGZ (Польская група ўзбраенняў), APS (Advanced Protection Systems SA) і нарвежскай кампаніі Kongsberg.
Як адзначыў Дональд Туск, новая зенітная сістэма дазволіць больш эфектыўна змагацца з варожымі беспілотнікамі.
«Гэта быў наш страшны сон, калі першыя напады беспілотнікаў паказалі, наколькі неадэкватныя былі адказы – знішчальнікі, ракеты, каб збіць дроны. SUN дазволіць рэагаваць інакш – танней, разумней і эфектыўней – на паветраныя атакі».
У праекце будуць удзельнічаць у першую чаргу польскія кампаніі, — падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Уся праграма павінна быць завершана на працягу двух гадоў. Мэта сістэмы SUN – дапаўняць сістэму супрацьпаветранай абароны.
IAR/нг