Рост попыту на пелеты і дэфіцыт сыравіны могуць паўтарыцца ў наступным ацяпляльным сезоне.
Яшчэ ў кастрычніку цэны на пелеты за тону вагаліся каля 1500 злотых.
У эфіры Польскага радыё Мацей Касінскі са складу «Biomasa» заявіў, што дэфіцыт нельга хутка выправіць, бо таксама не хапае сыравіны, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці пелетаў.
- Іх немагчыма хутка вырабіць, бо на вытворчасць пелетаў уплыў мае шмат фактараў. Асноўны – гэта сыравіна, то бок пілавінне. Пілавінне ўзнікае з апрацоўкі дрэва. Піларамы апрацоўваюць яго менш, паколькі Дзяржаўныя лясы не вырубаюць дрэваў з-за марозу.
Мацей Касінскі дадаў, што Польшча імпартуе пелеты з іншых краін, у тым ліку з Усходу, а таксама з Францыі і Германіі. Аднак ён падкрэсліў, што сыравіны становіцца ўсё больш дэфіцытнай і на гэтых рынках.
Міністр энергетыкі Мілаш Матыка не выключыў умяшання ў рынак пелетаў, калі цэны на паліва працягнуць расці.