Сёння, 8 лютага ў касцёлах Варшаўскай архідыяцэзіі і Гнезненскай дыяцэзіі пасля службаў адбываецца збор ахвяраванняў на дапамогу Украіне. У выніку масіраваных расійскіх атак многія ўкраінцы засталіся без электрычнасці і ацяплення. А зіма сёлета надзвычай халодная.
Прэс-сакратар Варшаўскай архідыяцэзіі, ксёндз Пшэмыслаў Сьлівінскі заклікае жыхароў Польшчы быць шчодрымі ў адносінах да суседзяў, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкіх абставінах.
— Неабходна дапамагаць іншаму чалавеку, калі ён знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Гэта нармальная рэакцыя нашых сэрцаў. Грошы будуць прызначаны на дапамогу Украіне, на падобныя мэты, як сродкі, сабраныя ў Кракаве. Гэта будзе пакупка абсталявання, у тым ліку электрагенератараў. А на самой справе – усяго, што будзе патрэбнае.
Гнезненская дыяцэзія таксама арганізуе дапамогу Украіне. Ардынарый дыяцэзіі, прымас Польшчы, архібіскуп Войцех Поляк заклікае працягваць дапамагаць.
— Я заклікаю ўсіх даць ахвяраванне. Дапамога Украіне, якую мы лічым самай эфектыўнай, адбываецца праз дабрачынную арганізацыю Caritas. Сродкі будуць перададзены, каб Caritas магла як мага хутчэй арганізаваць дапамогу.
Арцыбіскуп Тадэвуш Возда, старшыня Канферэнцыі епіскапатаў Польшчы, звярнуўся да біскупаў з просьбай правесці ў сваіх дыяцэзіях збор сродкаў на дапамогу Украіне таксама ў наступную нядзелю, 15 лютага. Збор будуць праводзіць пасля кожнай імшы прадстаўнікі Caritas Polska.
IAR/нг