З верасня па люты ў Польшчы ад грыпу памерла 1061 асоба. Найбольш смерцяў і шпіталізацый — сярод людзей старэйшых за 50 гадоў, паведаміў галоўны санітарны інспектар краіны Павел Гжэсёўскі. Пік захворванняў працягнецца да сакавіка, і вакцынавацца ўсё яшчэ не позна.
У параўнанні з мінулым сезонам смерцяў менш: летась за гэты ж перыяд памерла 1538 чалавек. Гэта звязана з меншай колькасцю выпадкаў грыпу — каля 430 тысяч сёлета супраць 693 тысяч год таму.
Адначасова вырасла колькасць вакцынаваных: у гэтым сезоне прышчапілася 2,2 мільёна чалавек, у мінулым — 1,8 мільёна. Найчасцей прышчапляюцца людзі 50+, і менавіта яны складаюць асноўную групу рызыкі. Імунітэт пасля прышчэпкі фармуецца праз 10–14 дзён.
Санітарная служба адзначае, што на распаўсюджванне грыпу ўплываюць школьныя канікулы: у рэгіёнах, дзе яны ўжо прайшлі, выпадкаў менш.
Цяперашняя вакцына абараняе ад чатырох тыпаў віруса. Эфектыўнасць супраць дамінуючага падтыпу A (H3N2) ацэньваецца ў 50–70 працэнтаў.
Санітарныя службы раяць вакцынавацца дзецям, людзям старэйшым за 50, цяжарным, хранічна хворым, а таксама медыкам і работнікам адукацыі. Таксама рэкамендуюць мыць рукі, насіць маскі ў людных месцах, трымаць дыстанцыю і заставацца дома ў выпадку хваробы.
PAP/нг