«Вялікі тэатр — Нацыянальную оперу» у Варшаве чакае комплексная мадэрнізацыя — першая з часу яго аднаўлення пасля Другой сусветнай вайны. Праект ацэньваецца прыклдана ў 140 млн злотых (33 млн еўра), а працы павінны пачацца ўжо ўлетку і працягнуцца тры гады.
Міністрарка культуры Польшчы Марта Ценькоўска адзначыла, што гэта стратэгічная інвестыцыя.
— Часы змяніліся, а Вялікі тэатр застаўся ў мінулым. Тэатр меў патрэбу ў гэтай мадэрнізацыі. Гэта будзе сапраўды опера новых магчымасцяў. Гэта амбіцыйная мэта, але я перакананая, што ў гэтай камандзе мы здольныя яе рэалізаваць. Дырэктар мае неверагодныя планы і вялікія амбіцыі, а мая задача — перадусім падтрымліваць, дапамагаць і адкрываць новыя магчымасці, — перакананая міністарка.
Мадэрнізацыя закране як сцэнічную, так і тэхнічную інфраструктуру, а таксама ўмовы працы артыстаў. У будынку з’явяцца новыя прасторы — у тым ліку ў сутарэннях і на даху, а склады будуць вынесены за межы галоўнага комплексу.
Гэта дазволіць арганізоўваць адукацыйныя праграмы — майстар-класы па танцы, вакале і стварэнні тэатральных рэквізітаў. У выніку тэатр стане больш адкрытым і даступным для шырокай публікі.
iar/эж