Беларуская Служба

Польшча звяртаецца да Венгрыі з пытаннем пра беглых міністраў, якіх вінавацяць у злачынствах

15.04.2026 08:37
Зёбру было прад'яўлена абвінавачанне ў 26 злачынствах, Раманоўскаму - у 19.
     .
Былы міністр юыстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра. Filip Naumienko/REPORTER

Міністр юстыцыі, генеральны пракурор Вальдэмар Журэк звярнуўся з тэрміновым запытам да венгерскіх уладаў адносна таго, ці былы генпракурор Збігнеў Зёбра, а таксама былы віцэ-міністр юстыцыі Марцін Раманоўскі атрымалі статус бежанца або прытулак. Міністр таксама папрасіў прыняць меры для адмены любых патэнцыйных рашэнняў аб прадастаўленні прытулку.

Накіраваны два запыты да міністра юстыцыі і ўнутраных спраў Венгрыі. У першым лісце міністр Журэк звярнуўся за інфармацыяй аб тым, ці выконваецца Еўрапейскі ордар на арышт Марціна Раманоўскага і аб бягучым стане справы. Ён таксама папрасіў пацвярджэння таго, ці быў яму прадастаўлены прытулак у Венгрыі і калі было прынята такое рашэнне.

У другім лісце Генеральны пракурор падаў падрабязную інфармацыю аб расследаванні. Збігневу Зёбру было прад'яўлена абвінавачанне ў 26 злачынствах, у тым ліку ў кіраванні злачыннай групай, службовых злачынствах і незаконным прысваенні сродкаў з Фонду юстыцыі. Марціну Раманоўскаму было прад'яўлена абвінавачанне ў 19 злачынствах, у тым ліку ва ўдзеле ў злачыннай групе і незаконным прысваенні дзяржаўных сродкаў.

Пракуратура таксама абвясціла, што Марцін Раманоўскі знаходзіцца ў вышуку на падставе еўрапейскага ордара на арышт, выдадзенага Венгрыі ў лютым 2026 года.

У асобным паведамленні ў сацыяльных сетках міністр Вальдэмар Журэк напісаў, што звярнуўся па тэрміновыя тлумачэнні ад венгерскіх уладаў.

— Венгерскія ўлады адмаўляюцца прадастаўляць поўную інфармацыю па гэтым пытанні ўжо некалькі месяцаў, — напісаў ён.

Ён таксама дадаў, што звярнуўся з просьбай адмяніць патэнцыйныя рашэнні аб прадастаўленні прытулку.

— Такія рашэнні парушаюць заканадаўства Еўрапейскага Саюза і падрываюць прынцып узаемнага даверу паміж дзяржавамі-членамі, — падкрэсліў міністр.

IAR/нг