Беларуская Служба

У пытаннях абароны польскія ўлады будуць кіравацца лозунгам «Polska First»

15.04.2026 17:50
Пры закупцы ўзбраенняў прыярытэт будзе аддавацца польскім кампаніям.
   .
Цэзары Томчык на кангрэсе.Фота: PAP/Paweł Jaskółka

У развіцці абароны Польшча будзе кіравацца прынцыпам «Польшча — перш за ўсё», заявіў у Познані намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык (Cezary Tomczyk) падчас міжнароднага кангрэса па кібербяспецы Insecon. Паводле яго, настаў «час польскіх інаватараў і польскай прамысловасці», а супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі павінна адбывацца на ўмовах, выгадных Варшаве.

Томчык паведаміў, што ў 2023 годзе на беспілотныя сістэмы было накіравана каля 100 млн злотых, а сёлета плануецца падпісаць кантракты на 25 млрд злотых — на развіццё БПЛ і на сродкі барацьбы з варожымі сістэмамі. Таксама створаны Цэнтр аўтаномных сістэм для паскарэння ўкаранення новых распрацовак у войску. Паводле намесніка міністра, польская армія ўжо мае Цэнтр укаранення штучнага інтэлекту і развівае спадарожнікавыя магчымасці — да канца года колькасць ваенных спадарожнікаў павялічыцца да дзевяці.

Ён падкрэсліў, што пры закупцы ўзбраенняў прыярытэт будзе аддавацца польскім кампаніям, калі яны прапануюць канкурэнтаздольныя рашэнні. Аднак некаторыя сістэмы, як знішчальнікі F-35 Lightning II, Польшча працягне набываць у саюзнікаў.

Віцэ-прэм’ер і міністр лічбавых спраў Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski) заявіў, што Польшча — адна з краін ЕС, якія часта падвяргаюцца кібератакам. Ён папярэдзіў пра рост пагроз, выкарыстанне штучнага інтэлекту для дэзінфармацыі і фішынгу, а таксама пра неабходнасць лічбавага суверэнітэту. У 2026 годзе на кібербяспеку Польшча прызначае амаль 5 млрд злотых.

Намеснік міністра замежных спраў Марцін Басацкі (Marcin Bosacki) адзначыў, што дэзінфармацыя стала ключавым інструментам гібрыднай дзейнасці Расіі супраць Польшчы і краін ЕС.

PAP/нг