У панядзелак, 8 чэрвеня, капітул Ордэна Белага Арла разгледзіць зварот прэзідэнта Польшчы аб пазбаўленні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага гэтай узнагароды. Падставай для ініцыятывы стала спрэчка вакол прысваення аднаму з украінскіх вайсковых падраздзяленняў імя Герояў УПА. У сувязі з гэтым пытаннем двухдзённы візіт у Варшаву здзейсніў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Буданаў.
Палітыкі называюць сітуацыю сур'ёзным крызісам у польска-ўкраінскіх адносінах. Напярэдадні завяршыліся перамовы ўкраінскай дэлегацыі з прадстаўнікамі польскага ўрада і адміністрацыі прэзідэнта, прысвечаныя гэтаму пытанню.
Намеснік кіраўніка канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Якуб Стэфаняк у эфіры TVP Info заявіў, што, нягледзячы на неабходнасць падтрымкі Украіны ў вайне з Расіяй, Варшава не можа пагадзіцца з падобнымі дзеяннямі Кіева.
— Мы выразна падзяляем падтрымку Украіны ў вайне і пытанні гістарычнай памяці. У інтарэсах Польшчы — трымаць Расію як мага далей ад сваіх межаў. Але мы ніколі не пагодзімся на скажэнне гісторыі. Украінскаму боку былі прадстаўлены ясныя і канкрэтныя патрабаванні. Цяпер пытанне ў тым, як паступяць украінцы. Пасля гэтай сустрэчы ва Украіны ўзнікла праблема, і гэта правільна, таму што яна сама яе стварыла.
Дарадчык прэзідэнта Польшчы Якуб Банашак, у сваю чаргу, падкрэсліў, што памяць аб ахвярах Валынскай трагедыі павінна захоўвацца незалежна ад палітычных рознагалоссяў.
— Пакуль мы не будзем разам, незалежна ад палітычных поглядаў, дабівацца павагі да памяці ахвяр і іх семʼяў, а таксама тых, хто перажыў Валынскую трагедыю, мы не зможам вырашыць гэтае пытанне. Гэтыя людзі яшчэ жывуць сярод нас, хоць іх засталося няшмат. Мы павінны кіравацца найперш інтарэсамі Польшчы, а не шукаць апраўдання таму, што прэзідэнт Зяленскі нібыта быў недастаткова інфармаваны. Не, ён быў праінфармаваны.
Падчас сустрэчы з кіраўніком Офіса прэзідэнта Украіны Кірылам Буданавым намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Марцін Басацкі заявіў, што рашэнне прэзідэнта Зяленскага выклікала негатыўную рэакцыю ў польскім грамадстве. Польскі бок падкрэсліў, што адносіны паміж Варшавай і Кіевам павінны будавацца на гістарычнай праўдзе, павазе да ахвяр і дыялогу.
вс