Беларуская Служба

Міністр абароны Польшчы: Ніводная адзінка зброі і рыштунку, набытая па праграме SAFE, не трапіць ва Украіну

09.06.2026 16:15
Палітык назваў ілжывымі паведамленні пра тое, што набытая за еўрапейскія грошы тэхніка нібыта трапіць ва Украіну.
     -
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш PAP/Albert Zawada

Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў у Сейме, што ўзбраенне, закупленае ў межах еўрапейскай праграмы SAFE, не будзе перадавацца Украіне. Паводле слоў, сродкі з Фонду падтрымкі ўзброеных сіл Польшчы могуць выкарыстоўвацца выключна для мадэрнізацыі польскай арміі.

Палітык назваў ілжывымі паведамленні пра тое, што набытая за еўрапейскія грошы тэхніка нібыта трапіць ва Украіну.

Каментуючы напружанне ў польска-ўкраінскіх адносінах пасля рашэння Кіева надаць адной з вайсковых частак імя герояў УПА, Касіняк-Камыш адзначыў, што гэты крок выклікае нязгоду ў Польшчы. Разам з тым ён падкрэсліў важнасць падтрымкі Украіны.

— Сёння мяжа польскай бяспекі знаходзіцца на ўкраінска-расійскім фронце. Там ваююць сапраўдныя героі, якія даюць час Польшчы і НАТА, каб мы маглі быць мацнейшымі і больш бяспечнымі, — заявіў віцэ-прэм'ер.

pap/эж