Беларуская Служба

Амаль 1 тыс. 200 еўра ў эквіваленце. Урад Польшчы прадставіў прапанову па мінімальным заробку ў 2027 годзе

10.06.2026 12:36
У Польшчы мінімальная заработная плата падлягае штогадовай індэксацыі, якая не можа быць ніжэйшай за прагназаваны рост цэн.
500
500 польскіх злотыхкрыніца: Narodowy Bank Polski

Польскі ўрад прадставіў прапанову па мінімальнай заработнай плаце ў 2027 годзе. Згодна з ёй, мінімальны заробак у 2027 годзе павінен скласці 4 тыс. 950 злотых (1 тыс. 170 еўра) без выліку падаткаў і збораў, што дае «на рукі» 3 тыс. 704 злотыя (875 еўра). Урад таксама прапануе пагадзінную працоўную стаўку ў памеры 32 злотыя і 30 грошаў (7 еўра 63 цэнты) без выліку падаткаў і збораў — «чыстымі» атрымліваецца 26 злотых (больш за 6 еўра).

У параўнанні з актуальным мінімальным заробкам рост складзе 144 злотыя, альбо каля 3%. Цяпер мінімальная заработная плата складае 4 тыс. 806 злотых без выліку падаткаў і збораў, а пагадзінная стаўка — 31 злоты і 40 грошаў.

У Польшчы мінімальная заработная плата падлягае штогадовай індэксацыі, якая не можа быць ніжэйшай за прагназаваны рост цэн.

Цяпер прапанова Кабінету міністраў будзе разгледжаная ў Радзе грамадскага дыялогу, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў урада, буйнейшых прафсаюзаў і бізнес-асацыяцый. Прафсаюзы, у прыватнасці, прапануюць, каб мінімальная заработная плата павялічылася ў наступным годзе як мінімум на 8,2%.

вс