Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ў нядзелю, 14 чэрвеня, наведае ЗША, дзе сустрэнецца з Дональдам Трампам. Візіт прымеркаваны да маштабнай імпрэзы UFC Freedom 250, які Белы дом арганізуе з нагоды 250-годдзя незалежнасці ЗША. Мерапрыемства адбудзецца таксама ў дзень 80-годдзя амерыканскага прэзідэнта, які асабіста запрасіў польскага лідара.
UFC Freedom 250 — гэта святочны вечар змешаных адзінаборстваў пад эгідай найбуйнейшай у свеце арганізацыі ММА — UFC. Арганізатары абяцаюць спалучыць спартыўнае відовішча з патрыятычным святкаваннем юбілею амерыканскай дзяржаўнасці.
Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што Наўроцкі і Трамп абмяркуюць пытанні бяспекі, энергетыкі і эканамічнага супрацоўніцтва. Ключавой тэмай перамоваў стане магчымасць стварэння ў Польшчы пастаянных амерыканскіх вайсковых баз.
— Прэзідэнт Наўроцкі атрымае магчымасць адстойваць найважнейшыя польскія інтарэсы ў непасрэднай размове з прэзідэнтам ЗША, — адзначыў Пшыдач.
У праграме візіту таксама запланаваныя сустрэча з прадстаўнікамі польскай дыяспары і ўдзел у імшы. Акрамя таго, польскі прэзідэнт перадасць Трампу два падарункі — асабісты і афіцыйны, якія, паводле яго атачэння, павінны падкрэсліць асаблівы характар польска-амерыканскіх адносін.
pap/эж