У Польшчы эксперты ўсё часцей звяртаюць увагу на праблемы падрыхтоўкі да магчымай мабілізацыі. Гаворка ідзе не толькі пра камплектаванне войска, але і пра забеспячэнне працы лякарняў, дзяржаўных устаноў і крытычнай інфраструктуры ў выпадку крызісу.
Паводле ацэнак спецыялістаў, польская армія налічвае каля 216 тысяч вайскоўцаў, аднак у выпадку маштабнага канфлікту асноўную частку асабовага складу павінны скласці рэзервісты. Штогод на вайсковыя зборы накіроўваюць каля 40 тысяч чалавек.
Эксперты адзначаюць, што дзяржава пакуль не мае адзінай сістэмы ўліку кампетэнцый грамадзян. З-за гэтага войска і структуры грамадзянскай абароны нярэдка разлічваюць на адных і тых жа людзей. Акрамя таго, прафесійныя навыкі мабілізаваных не заўсёды выкарыстоўваюцца эфектыўна.
Прадстаўнікі Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы лічаць, што заканадаўства ў сферы абароны дзяржавы і грамадзянскай абароны застаецца недастаткова ўзгодненым. Улады разлічваюць выправіць сітуацыю дзякуючы нядаўнім зменам у законе аб абароне насельніцтва, аднак стварэнне поўнай базы дадзеных чалавечых рэсурсаў адкладзена да канца наступнага года.
pap/эж