Беларуская Служба

Амбасадар Украіны ў Польшчы вярнуў польскую ўзнагароду ўслед за Буданавым і Сыбігам

20.06.2026 10:03
Такім чынам дыпламат адрэагаваў на рашэнне прэзідэнта Польшчы пазбавіць прэзідэнта Украіны Ордэна Белага Арла — найвышэйшай польскай дзяржаўнай узнагароды.
Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль БоднарPiotr Podlewski/ Polskie Radio

Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Бондар адмовіўся ад Кавалерскага крыжа Ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча». Такім чынам дыпламат адрэагаваў на рашэнне прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага пазбавіць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага Арла — найвышэйшай польскай дзяржаўнай узнагароды.

Бондар назваў гэтае рашэнне «гістарычна несправядлівым». Паводле яго, ва ўмовах расійскай вайны супраць Украіны яно ўспрымаецца «як жэст у дачыненні да ўсяго ўкраінскага народа».

— Не магу пагадзіцца з тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі — сябар Польшчы і кіраўнік дзяржавы, якая мужна абараняецца ад расійскага агрэсара і бароніць мір у Еўропе, — быў пазбаўлены найвышэйшай польскай узнагароды, — заявіў дыпламат.

Разам з тым Бондар падкрэсліў, што Польшча застаецца для Украіны «сябрам, саюзнікам і партнёрам», і заклікаў не дапусціць пагаршэння двухбаковых адносін. 

— Памятайма, што ад нашых спрэчак заўсёды выйграе вораг — Масква, — адзначыў Бондар.

Раней ад польскіх дзяржаўных узнагарод адмовіліся кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Буданаў і міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга

Канфлікт паміж Варшавай і Кіевам выбухнуў пасля надання Уладзімірам Зяленскім аднаму з падраздзяленняў УС Украіны імя герояў УПА.

iar/эж