У Познані затрымалі двух мужчын, якіх падазраюць у збіцці 67-гадовага мясцовага жыхара, які ўступіўся ў трамваі за ўкраінскага падлетка. 38-гадовы і 41-гадовы падазраваныя ў сераду пачуюць афіцыйныя абвінавачванні.
Інцыдэнт адбыўся ў пятніцу, 17 ліпеня. Двое мужчын пачалі чапляцца да непаўналетняга замежніка ў трамваі. 67-гадовы пасажыр паспрабаваў абараніць хлопца, пасля чаго паміж ім і нападнікамі ўзнікла сварка.
Паводле паліцыі, мужчына паспрабаваў адштурхнуць аднаго з агрэсараў, але той некалькі разоў ударыў яго кулакамі і каленам у твар. Пазней да нападу далучыўся другі мужчына.
Пацярпелы ў той жа дзень звярнуўся ў паліцыю і паведаміў, што агрэсія была скіраваная супраць украінскага падлетка. Затрыманым могуць выставіць абвінавачанні ў хуліганскім нанясенні цялесных пашкоджанняў і распальванні варожасці на нацыянальнай глебе. Паліцыя таксама высвятляе асобу ўкраінскага хлопца.
38-гадовы падазраваны раней неаднаразова трапляў у поле зроку праваахоўнікаў у сувязі з крымінальнымі і наркатычнымі злачынствамі.
iar/pap/эж