Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы збудавана 1950 км аўтамагістраляў

09.08.2026 08:03
Перад уступленнем ў Еўрасаюз у маі 2004 года ў Польшчы было крыху больш за 485 км аўтамагістраляў.
Ілюстрацыйнае фотаImage by mazurskiwiatr from Pixabay/CC0

Паводле інфармацыі, прадстаўленай Генеральнай дырэкцыяй нацыянальных дарог і аўтамагістраляў (GDDKiA), сетка аўтамагістраляў у Польшчы ў цяперашні час ахоплівае 1950 км і не хапае прыблізна 150 км для дасягнення запланаванай даўжыні. У бліжэйшыя гады будуць пабудаваны дадатковыя ўчасткі аўтамагістраляў А2 і А50, а таксама пашыраны А2 і А4.

Паводле інфармацыі Генеральнай дырэкцыі нацыянальных дарог і аўтамагістраляў, у бліжэйшы час будуць пабудаваныя два ўчасткі А2 на ўсход ад Бялай-Падляскай да мяжы з Беларуссю, і дарога А50, якая стане паўднёвым участкам аб'язной дарогі Варшаўскай агламерацыі.

Паводле звестак GDDKiA, агульная даўжыня сеткі хуткасных дарог у Польшчы ў цяперашні час складае 5593,2 км, у тым ліку 3643,2 км хуткасных аўтамабільных дарог. Чакаецца, што мэтавая сетка, вызначаная ў пастанове Рады Міністраў, складзе прыблізна 7980 км, у тым ліку 2100 км аўтамагістраляў.

У бліжэйшыя гады, па меры павелічэння абʼёму руху, таксама плануецца пашырэнне існуючых аўтамагістраляў. Аўтамагістраль А2 паміж Лоддзю і Варшавай першай атрымае дадатковую паласу. У наступныя гады будзе пашырана і аўтамагістраль А4, у тым ліку на ўчастку ад Кшыжовай у напрамку Уроцлава, і аўтамагістраль А1 паміж Торунем і Улоцлаўкам.

GDDKiA нагадвае, што пасля ўступлення ў Еўрапейскі Саюз 1 мая 2004 года ў Польшчы было менш за 720 км хуткасных дарог, у тым ліку крыху больш за 485 км аўтамагістраляў і амаль 233 км хуткасных аўтамабільных дарог.

Цяпер усю Польшчу можна праехаць з захаду на ўсход па аўтамагістралі А4 ад Згажэльца да Корчовы. Аўтамагістраль А4, працягласцю амаль 670 км, зʼяўляецца галоўнай аўтамабільнай дарогай з Заходняй Еўропы ва Украіну. Аўтамагістраль А1, у сваю чаргу, злучае Гданьск з чэшскай мяжой у Гожычках. Усяго маршрут мае даўжыню больш за 560 км.

Таксама на дадзены момант кіроўцы могуць карыстацца аўтамагістраллю А2 ад заходняй мяжы да Бяла-Падляскі. Яшчэ два ўчасткі на ўсход ад горада, агульнай працягласцю больш за 25 км, дазволяць даехаць да мяжы з Беларуссю прыкладна праз тры гады.

Адначасова Генеральная дырэкцыя нацыянальных дарог і аўтамагістраляў (GDDKiA) пачынае пашырэнне аўтамагістралі А2 паміж Лоддзю і Варшавай. Згодна з апошнімі дадзенымі агульнага вымярэння руху, колькасць транспартных сродкаў, якія штодня карыстаюцца гэтым маршрутам, вагаецца ад 60 тысяч у раёне Лодзі да амаль 100 тысяч у Варшаве.

PAP/юл