Абавязковая адукацыя ў галіне аховы здароўя (edukacja zdrowotna), забарона на выкарыстанне тэлефонаў у пачатковых школах і рэформа пад назвай «Компас заўтрашняга дня» — гэта навінкі, якія прынясе навучальны год, які пачынаецца сёння (1 верасня).
Ключавой зменай з'яўляецца «Компас заўтрашняга дня», то бок рэформа навучальных праграм у дашкольных установах, першых і чацвёртых класах пачатковых школ, падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Катажына Любнаўэр.
Зʼявяцца новыя прадметы. Урокі прыродазнаўства вернуцца ў пачатковыя школы з чацвёртага класа. Падзел на біялогію, хімію, фізіку і геаграфію будзе адбывацца толькі з сёмага класа. У чацвёртым-шостым класах прадмет «тэхніка» будзе пераўтвораны ў практычныя і тэхнічныя заняткі. Новая базавая праграма будзе ўводзіцца паступова. У гэтым годзе яна будзе ахопліваць першы і чацвёрты класы, а ў наступным годзе — чарговыя.
Забарона на карыстанне мабільнымі тэлефонамі вучнямі пачатковых класаў на тэрыторыі школы таксама будзе рэвалюцыйнай, дадае намеснік міністра Катажына Любнаўэр.
— Гэта азначае, што дзіця можа прынесці тэлефон, але, калі ёсць адпаведнае месца, яно можа пакінуць яго ў дэпазіце. Калі такога месца няма, тэлефон трэба выключыць і пакласці на дно заплечніка. Выключэнні будуць зроблены для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, напрыклад, тых, хто хварэе на дыябет. Тэлефоны таксама можна выкарыстоўваць у адукацыйных мэтах, калі так вырашыць настаўнік.
У сярэдніх школах і тэхнікумах заканадаўчай забароны на карыстанне мабільнымі тэлефонамі не будзе. Аднак кожная школа павінна будзе вызначыць правілы карыстання смартфонамі ў сваіх статутах або прыняць рашэнне аб забароне.
Пачынаючы з новага навучальнага года, адукацыя ў галіне аховы здароўя стане абавязковым прадметам для ўсіх вучняў. Аднак модуль па сексуальным здароўі будзе неабавязковым.
Рэвалюцыйныя змены 2 верасня пачнуцца і ў школьных сталовых. Будзе менш мяса, больш рыбы, гародніны і садавіны.
ав