Ксёндз Адрыян, паранены падчас нападу ў бенедыктынскім кляштары ў Яраславе, праз два дні пасля трагедыі звярнуўся да вернікаў. Святар заявіў, што даруе нападніку, і заклікаў не адказваць злом на зло.
«Зло, якое адбылося тут, у нашым абацтве, мы павінны пераадолець дабром, любоўю і прабачэннем», — сказаў святар, папрасіўшы вернікаў маліцца за 31-гадовага падазраванага, каб той «спазнаў ласку навяртання», а таксама заклікаў прабачыць яму.
Асобна ксёндз Адрыян папрасіў не пераносіць адказнасць за злачынства на ўвесь украінскі народ.
«Я хацеў бы таксама папрасіць вас, каб вы не вінавацілі народ, з якога паходзіць злачынца. Зло здзейсніў канкрэтны чалавек, які адказвае за свае ўчынкі», — падкрэсліў святар.
Напад адбыўся 23 верасня. 31-гадовы грамадзянін Украіны Ігар М. з нажом напаў на пяць чалавек у кляштары. Ён быў затрыманы і арыштаваны на тры месяцы. 65-гадовы ксёндз Станіслаў Збайновіч памёр ад атрыманых раненняў, яшчэ чацвёра пацярпелі.
Паводле Wirtualna Polska, падазраваны Ігар М. не ўдзельнічаў у судовым паседжанні, бо знаходзіцца ў шпіталі з вострым псіхозам. Паводле пракуроркі, падчас арышту ён таксама павінен заставацца пад наглядам медыкаў ва ўстанове з узмоцненай аховай.
iar/pap/эж