Першы візіт прэзідэнта Польшчы на Філіпіны сведчыць пра наладжванне партнёрства паміж дзвюма краінамі. Пра гэта Караль Наўроцкі заявіў падчас лекцыі для студэнтаў Універсітэта Санта-Томас у Маніле. Польскі палітык распавёў пра гістарычныя паралелі паміж Польшчай і Філіпінамі, а таксама пра неабходнасць умацавання супрацоўніцтва.
– Больш гучны голас краін, якія ідуць па шляху развіцця, можа паспрыяць таму, каб міжнародная сістэма лепш адлюстроўвала рэаліі сучаснага свету. Супрацоўніцтва паміж Польшчай і Філіпінамі можа ўнесці ўклад у пабудову больш інклюзіўнага і ўстойлівага міжнароднага парадку. Я разглядаю пашырэнне нашага партнёрства з Філіпінамі не толькі як магчымасць для абедзвюх краін, але і як уклад ва ўмацаванне супрацоўніцтва паміж нашымі кантынентамі.
Эканамічныя пытанні дамінуюць у праграме другога дня візіту прэзідэнта Польшчы ў Манілу. Караль Наўроцкі ўдзельнічае ў адкрыцці пятага польска-філіпінскага саміту ІТ-індустрыі. Гэтае мерапрыемства стане магчымасцю аказаць палітычную падтрымку польскім кампаніям, якія працуюць на азіяцкім рынку.
IAR/нг