Міністр юстыцыі і генеральны пракурор Польшчы падзякаваў польскім спецслужбам за хуткія дзеянні па выяўленні падазраваных у падпале 23 верасня базавай станцыі Starlink у вёсцы Воля Крабоўска ў цэнтральным Мазавецкім ваяводстве. У панядзелак, 12 кастрычніка, польскі бок паведаміў пра затрыманне двух чалавек у Германіі, а ў аўторак паліцыя затрымала яшчэ аднаго падазраванага — жанчыну.
Міністр Вальдэмар Журэк сказаў, што падазраваныя былі затрыманыя на падставе еўрапейскага ордэра на арышт.
– Я хачу пахваліць нашыя службы, якія дзейнічаюць хутка і супрацоўнічаюць са спецслужбамі суседніх краін. Падазраваныя ў нашых руках і неўзабаве стануць перад польскім судом.
На пытанне пра трэцюю затрыманую асобу, жанчыну, міністр юстыцыі адказаў, што не можа раскрыць падрабязнасцей на дадзеным этапе следства.
У панядзелак у Германіі былі затрыманыя двое грамадзян Турцыі па падазрэнні ў падпале базавай станцыі Starlink. Украінскія войскі выкарыстоўваюць тэрміналы спадарожнікавай сеткі Starlink на фронце. Базавая станцыя дазваляе спадарожнікам падключацца да Інтэрнэту.
вс