Нацыянальная пракуратура Польшчы звярнулася да Еўрапейскага парламента з афіцыйным запытам аб пазбаўленні імунітэту еўрадэпутата Даніэля Абайтэка, былога кіраўніка найбуйнейшага нафтавага канцэрна краіны ORLEN. Следчыя патрабуюць не проста зняць з палітыка недатыкальнасць, але і даць згоду на яго затрыманне ды ўзяцце пад варту.
Гэтая справа ўжо стала адным з найгучнейшых карупцыйных скандалаў сучаснай Польшчы. Былога топ-менеджара абвінавачваюць у наўмысным нанясенні кампаніі маёмаснай шкоды ў каласальных памерах. Гаворка ідзе пра суму, якая перавышае 4 мільярды 100 мільёнаў злотых.
Паводле матэрыялаў следства, увосень 2023 г., напярэдадні парламенцкіх выбараў, Абайтэк кіраваў штучным і эканамічна неабгрунтаваным заніжэннем коштаў на паліва на аўтазапраўках ORLEN.
Мэтай гэтай акцыі была падтрымка тагачаснай кіруючай партыі напярэдадні парламенцкіх выбараў. Палітычныя гульні прывялі да дэфіцыту на сотнях заправак і мільярдных стратаў для бюджэту кампаніі.
Згодна з Крымінальным кодэксам Польшчы, за злачынства такога маштабу Даніэлю Абaйтэку пагражае ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Сам палітык катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачванні і называе дзеянні пракуратуры «палітычным тэрорам».
Далейшае рашэнне — за юрыдычнай камісіяй і агульным галасаваннем Еўрапарламента, якое можа заняць некалькі месяцаў.
IAR/яс