Гэта павінна стаць «чырвонай карткай» для ўрада. 22 кастрычніка жаночыя арганізацыі ладзяць пратэсты ў 27 польскіх гарадах. У чацвер спаўняецца чацвёртая гадавіна рашэння Канстытуцыйнага суда аб увядзенні жорсткага заканадаўства аб абортах.
Як тлумачыць Анна Тамашэўская (Anna Tomaszewska) з «Дэмакратычнай акцыі», падчас пратэстаў жанчыны хочуць нагадаць палітыкам і грамадству пра нявыкананыя абяцанні перад жанчынамі.
— Мы патрабуем выканання ўсіх абяцанняў, дадзеных жанчынам перад выбарамі 2023 года. Гэтыя абяцанні заключаліся ў тым, што пра жанчын вырашаць будуць самі жанчыны, а не святары, пракуроры ці паліцыя.
Паводле ацэнкі жаночых арганізацый, само абвяшчэнне пратэстаў паскорыла заканадаўчую працу.
Учора (20 кастрычніка) Сейм прыняў два законапраекты: адзін тычыцца спынення цяжарнасці ў выпадках цяжкіх пашкоджанняў плода, а другі гарантуе дэкрыміналізацыю асіставанага аборту. Анна Тамашэўская падкрэслівае, што гэтага недастаткова:
— Для нас важны адказ на адно простае пытанне: ці маюць жанчыны доступ да абортаў, і ці вырашае пра гэта жанчына? На дадзены момант такая магчымасць адсутнічае. Два законапраекты ўсё яшчэ замарожаныя ў камітэце.
22 кастрычніка жаночыя пратэсты адбудуцца, сярод іншага, у Варшаве, Гданьску, Познані і Катавіцах.
IAR/яс