Польшча атрымала месца ў Аб’яднанай інспекцыйнай групе ААН (JIU), і такім чынам перамагла Расію з мінімальнай перавагай — усяго ў адзін голас. Масква пакідае гэты орган пасля 60 гадоў бесперапыннага прадстаўніцтва. Пра вынікі тайнага галасавання паведаміла Міністэрства замежных спраў Польшчы.
За польскую кандыдатуру прагаласавалі 95 дзяржаў-членаў ААН. Паколькі галасаванне было закрытым, невядома, якія менавіта краіны падтрымалі Польшчу. Абедзве дзяржавы прэтэндавалі на адно месца, вылучанае для краін Усходняй Еўропы.
Пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ААН Кшыштаф Шчэрскі назваў вынік поспехам працяглай дыпламатычнай кампаніі. Паводле яго, Расія займала месца ў органе шэсць дзесяцігоддзяў і кожны раз пераабіралася.
«Гэта паказвае, што ААН — такая глабальная дэмакратыя, у якой важны кожны голас. Польшча вяртаецца ў гэтую інстытуцыю пасля больш чым 20 гадоў, а Расія пакідае яе пасля 60 гадоў», — сказаў Шчэрскі.
Польшчу ў Аб’яднанай інспекцыйнай групе ААН ў 2028–2032 гадах будзе прадстаўляць Якуб Хмелеўскі. Група складаецца з 11 інспектараў і з’яўляецца адзіным незалежным знешнім наглядным органам усёй сістэмы ААН. Яна праводзіць праверкі і расследаванні, ацэньвае эфектыўнасць працы структур арганізацыі і прапануе, як палепшыць іх кіраванне і каардынацыю.
iar/pap/эж