Маштабны збой сэрвісаў Microsoft 365, які пачаўся ўвечары 12 лістапада, закрануў карыстальнікаў больш як 70 краін. Перабоі ўзніклі ў працы электроннай пошты Outlook, платформы Teams і іншых сэрвісаў, неабходных для штодзённай працы кампаній і ўстаноў. Microsoft пакуль не назвала прычыну аварыі, але запэўніла, што яна не звязаная з кібератакай.
У Польшчы інцыдэнт зноў узняў пытанне залежнасці дзяржаўных устаноў ад замежных тэхналагічных карпарацый. Віцэ-прэм'ер і міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў:
— Дыверсіфікацыя паставак і выкарыстанне адкрытых рашэнняў дазваляюць абмежаваць такія рызыкі. Менавіта таму ў Міністэрстве лічбавых тэхналогій мы працуем над укараненнем рашэнняў з адкрытым зыходным кодам у дзяржаўным кіраванні.
У стратэгіі лічбавізацыі мы вызначылі дакладны план, а неўзабаве пачнём конкурсы на ўкараненне пілотнага праграмнага забеспячэння з адкрытым кодам VIO tester. У будучыні будзем цэнтралізавана забяспечваць усю дзяржаўную адміністрацыю доступам да правераных рашэнняў.
Віцэ-прэм'ер таксама падкрэсліў, што яго ведамства цяпер засяроджана на тым, каб інфармаваць установы дзяржаўнай адміністрацыі, як дзейнічаць у падобных сітуацыях.
Гаворка ідзе пра паступовае ўкараненне праграм з адкрытым кодам, якія могуць стаць альтэрнатывай камерцыйным платформам. Такі падыход павінен зменшыць рызыку паралічу дзяржаўных службаў пры наступных глабальных збоях.
iar/эж