«Rzeczpospolita» закранае тэму выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвязу. Ноччу на 1 лістапада перастане дзейнічаць прынцып свабоднага прабывання і працы ў дзяржаве людзей з краін супольнасці. Прэм’ер-міністр Барыс Джонсан завяраў, што для асоб, якія прыбылі на выспы раней, нічога не зменіцца. Аднак з 3,5 млн. чалавек, якія ўваходзяць у гэты лік, рэгістрацыю прайшло толькі каля 1 млн. Астатнія гэтага не зрабілі і не змогуць даказаць, што яны не прыехалі пасля 1 лістапада.
Справа ў тым, што папярэдняя прэм’ер Тэрэза Мэй абяцала, што зарэгістравацца можна будзе да канца будучага году. Цяпер жа аказалася, што за два месяцы да брэксіту ангельская адміністрацыя не спраўляецца з афармленнем папер такой вялікай колькасці людзей. Гэта вялікая праблема для соцень тысяч палякаў. Адсутнасць афіцыйнай рэгістрацыі азначае, што яны не толькі не змогуць легальна працаваць, але таксама арэндаваць кватэру, карыстацца паслугамі службы аховы здароўя ці адкрыць рахунак у банку.
Брытанская адміністрацыя страціла кантроль над мігрантамі. Ніхто дакладна не ведае, колькі іх прабывае ў Вялікабрытаніі. Выхад краіны з Еўрапейскага Звязу без дамоўленасці адпужвае патэнцыйных мігрантаў, усё менш людзей прыязджае ў дзяржаву ў пошуках працы. Панікаваць пачынаюць ужо не толькі іншаземцы, але таксама брытанскі бізнес. Цэлыя яго сектары, як гатэльныя, гастранамічныя паслугі, апека над пажылымі асобамі, абслуга турыстычнага руху, служба аховы здароўя трымаюцца на мігрантах, перш за ўсё з Усходняй Еўропы. Адрэзаная ад кантыненту дзяржава можа пагрузіцца ў глыбокай рэцэсіі.
нг