Балгарыя асудзіла арганізаваную амбасадай Расіі ў Сафіі выставу «75 гадоў вызвалення Усходняй Еўропы ад нацызму» і заклікала расійскую дыпламатычную місію «не падтрымліваць сумнеўны з гістарычнага пункту гледжання тэзіс», што прыбыццё савецкіх войскаў у Балгарыю было «вызваленнем», паведамляе «Свабода».
У афіцыйнай заяве Міністэрства замежных справаў Балгарыі гаворыцца, што нягледзячы на ўнёсак СССР у разгром нацызму ў Еўропе, «не трэба заплюшчваць вочы на тое, што штыкі савецкай арміі прынеслі народам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе паўстагоддзя рэпрэсій, падаўленне грамадзянскага сумлення, тупіковае эканамічнае развіццё і адарванасць ад дынамікі працэсаў у развітых еўрапейскіх дзяржавах».
Заява прагучала напярэдадні адкрыцця выставы, якую ладзіць Расійскае гістарычнае таварыства ў Балгарыі. Адкрыццё запланавана на 9 верасня — дзень уступлення савецкіх войскаў на тэрыторыю Балгарыі ў 1944 годзе, які да 1989 году быў нацыянальным святам краіны. У МЗС гэтую выставу назвалі ўмяшаннем ва ўнутрыпалітычныя дэбаты.
У амбасадзе Расеі ў Балгарыі заявілі, што «збянтэжаныя» заявай балгарскіх уладаў, таму што хочуць паказаць на выставе толькі архіўныя матэрыялы.
«Выстава да 75-годдзя вызвалення Усходняй Еўропы ад нацызму накіраваная выключна на азнаямленне балгарскай грамадскасці з архіўнымі матэрыяламі з расейскіх архіваў. Многія з дакументаў былі раней невядомыя або нядаўна рассакрэчаныя і гавораць аб вырашальнай ролі Чырвонай Арміі ў вызваленні чалавецтва ад фашысцкай чумы... Выстава не мае нічога агульнага з сённяшнім балгарскім палітычным дыскурсам. Мы крыху збянтэжаныя тым, што можна рабіць якія-небудзь афіцыйныя заявы да азнаямлення з самой экспазіцыяй», — адказалі ў амбасадзе.
Прыхільнікі былой камуністычнай партыі, другой па велічыні палітычнай фракцыі ў Балгарыі, штогод адзначаюць 9 верасня і ўскладаюць кветкі да помніка Савецкай Арміі ў цэнтры Сафіі.
аз