Беларуская Служба

Бельгія, Данія і Чэхія пачалі дзяжурства ў рамках місіі Baltic Air Policing

04.09.2019 14:03
У цырымоніі ў літоўскіх Шаўлях прынялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў Літвы і камандуючы ВПС НАТО генерал Джэфры Лі Харыгян.
General Dynamics F-16 Fighting Falcon
General Dynamics F-16 Fighting FalconPhoto: WikiImages/pixabay.com/CC0 Public Domain

У авіябазе ў літоўскіх Шаўлях адбылася ўрачыстая перадача камандавання місіяй Baltic Air Policing. Да канца года паветраную прастору Літвы, Латвіі і Эстоніі будуць ахоўваць вайскоўцы з Бельгіі, Даніі і Чэхіі.

Бельгійцы перанялі місію ў Шаўлях ад венграў, а датчане змянілі іспанцаў. Абедзве краіны накіравалі ў Літву па чатыры знішчальнікі F-16.

У сваю чаргу чэхі замянілі брытанцаў у эстонскай базе ў Амары. Іх знішчальнікі JAS-39 Gripen з'явіліся там у канцы мінулага тыдня.

У цырымоніі ў Шаўлях прынялі ўдзел прадстаўнікі літоўскіх уладаў і камандуючы ВПС НАТО генерал Джэфры Лі Харыгян.

«Мы паказалі, што можна абараніць паветраную прастору НАТО ў рэгіёне і Еўропе шляхам узгодненых дзеянняў», - сказаў генерал. Ён таксама падзякаваў хаўруснікам за ўдзел у баявых дзяжурствах, мэтай якіх з’яўляецца ахова паветранай прасторы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Місія Baltic Air Policing мае ратацыйны характар. Сёлета войскі, якія ў ёй удзельнічаюць, памяняліся ўжо трэці раз. Цяперашняя змена будзе працягвацца дa канца снежня.

аз