ВПС Ізраіля ўвечары ў нядзелю, 23 лютага, нанеслі ўдары па пазіцыях у сектары Газа і ў Сірыі. Былі атакаваныя пазіцыі радыкальнай палестынскай групоўкі «Ісламскі джыхад», паведамілі прадстаўнікі ізраільскага ваеннага камандавання.
Паводле звестак палестынскага боку, у выніку авіяўдараў былі параненыя чатыры чалавекі ў сектары Газа. На тэрыторыі Сірыі, дзе таксама дзейнічае «Ісламскі джыхад», удары прыйшліся па пазіцыях на поўдзень ад Дамаска, дзе каля паўночы былі чутны выбухі. Як паведаміла сірыйскае дзяржаўнае агенцтва SANA, ізраільскія самалёты нанеслі ўдары кіраванымі ракетамі «з-за межаў паветранай прасторы Сірыі».
Ізраільская атака была адказам на ракетны абстрэл з боку ісламскіх радыкалаў. У бок Ізраіля было выпушчана не менш за 20 ракет, палова з іх была збітая сістэмай СПА «Жалезны купал», астатнія ўпалі ў бязлюднай мясцовасці. У населеных пунктах на поўдні Ізраіля, а таксама ў горадзе Ашкелон былі чутныя сірэны паветранай трывогі.
паводле dw.com/эж