Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг усклаў на Расію і Кітай віну за распаўсюд ілжывых навін вакол крызісу, звязанага з пандэміяй каранавіруса SARS-CoV-2. Масква і Пекін спрабуюць падарваць адзінства Паўночнаатлантычнага альянсу і распаўсюджваюць скажоную інфармацыю пра яго, заявіў Столтэнберг журналістам у панядзелак, 27 красавіка, у Брусэлі.
З пачатку пандэміі кіраўнік НАТА неаднаразова папярэджваў аб замежных кампаніях па дэзынфармацыі, кажучы ў большасці выпадкаў, што яны праводзяцца на «дзяржаўным і недзяржаўным» узроўні, і не называючы ініцыятараў. Цяпер ён падкрэсліў, што як расійскія, так і кітайскія прадстаўнікі выступаюць з хлуслівымі афіцыйнымі заявамі, выклікаючы думку, што краіны альянсу не аказваюць адзін аднаму падтрымку і не здольныя справіцца з крызісам ці не абараняюць пажылое насельніцтва.
«Гэта няпраўда. Хаўруснікі па НАТА разам змагаюцца з крызісам вакол каранавіруса», – сказаў Енс Столтэнберг. У якасці прыкладу ён прывёў узаемападтрымку партнёраў па альянсу, звязаную, у прыватнасці, з авіяперавозкамі, медперсаналам, або палявымі шпіталям.
Еўрапейскі Звяз раней таксама абвінавачваў шэраг дзяржаў, у прыватнасці РФ і КНР, у мэтанакіраваным распаўсюдзе ілжывых дадзеных аб пандэміі каранавіруса.
паводле dw.com/эж