Муніцыпалітэт Шостага раёну Прагі адхіліў прапанову фракцыі партыі «Піраты» разгледзець 14 траўня пытанне аб продажы расійскаму боку статуі маршала Івана Конева, дэмантаванай у красавіку 2020 г. з пастамента на пражскай Плошчы Інтэрбрыгады.
Бронзавая скульптура савецкага военачальніка, кошт якой эксперты ацэньваюць прыкладна ў 500 тысяч еўра, у цяперашні час захоўваецца на складзе. Яе плануюць змясціць у музей гісторыі ХХ стагоддзя, які неўзабаве з'явіцца ў чэшскай сталіцы.
Паводле прапановы чэшскай партыі «Піратаў», пакупнік помніка павінен заплаціць за статую і пакрыць усе выдаткі па яго транспарціроўцы. Атрыманыя грошы «Піраты» прапануюць перадаць ахвярам камуністычных рэпрэсіяў.
«Мы не хочам, каб дыпламатычная дзейнасць Чэхіі і надалей блакавалася праз несурʼёзны падыход нашай раённай адміністрацыі ў асобе яе кіраўніка», – заявіў старшыня мясцовай фракцыі «Піратаў» Андрэй Храст. «Піраты» прапануюць перадаць паўнамоцтвы па продажы помніка маршала Конева МЗС.
У канцы красавіка 2020 г. міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петршычэк паведаміў, што яго краіна гатовая абмеркаваць з расійскім бокам пытанне перадачы статуі Конева.
radio.cz/эж