Covid-19: паміж аптымізмам і шаленствам – артыкул пад такой назвай друкуе часопіс «Sieci». Новая Зеландыя выдатна справілася з пандэміяй каранавірусу, але можа за гэта заплаціць высокую цану, паколькі яе гаспадарка амаль цалкам спынілася. Швецыя, замест таго, каб лячыць, забівае хворых на Covid-19 пенсіянераў, а ўлады ў Мексіцы і Бразіліі абвінавачваюцца ў ігнараванні пандэміі і заніжэнні колькасці смерцяў. Прэзідэнт Мадагаскару раздае грамадзянам лек на зёлках свайго аўтарства, а Індыя, дзе больш за 1,3 млрд чалавек правялі тыдні ў ізаляцыі, павольна вяртаецца да жыцця.
Тыднёвік апісвае розны падыход да пандэміі каранавіруса ў свеце. Бразілія неўзабаве можа стаць сусветным лідарам па колькасці заражэнняў і ахвяраў заразы. Аднак, на прэзідэнце гэта не робіць уражання. Жаір Бальсанару адмаўляецца ўводзіць у краіне абмежаванні. «Гаспадарка з’яўляецца жамчужынай Бразіліі», – гаворыць прэзідэнт краіны. Крытыкі абвінавачваюць яго ў тым, што ён ігнаруе рост колькасці заражаных. Людзі паміраюць у дамах, іх хаваюць у масавых магілах. Кіраўнік краіны лічыць пандэмію змовай фармацэўтычных фірмаў і ліберальных эліт.
Індыя, якая ўвяла адныя з самых суровых абмежаванняў у свеце, рыхтуецца вяртацца да нармальнасці. Пандэмія выклікала ў краіне сур’ёзны гуманітарны крызіс. Мільёны мігруючых працаўнікоў захраслі ў гарадах без працы і ежы. Урад Індыі цвердзіць, што яго прыгнятае ўзровень крызісу, і ён робіць усё, каб дапамагчы людзям.
У сваю чаргу прэзідэнт Мадагаскару «знайшоў» лек на Covid-19, які карыстаецца велізарным поспехам. Пытанне, ці мікстура пад назвай Covid Organics (CVO), гарбата з зёлак, якія выкарыстоўваюцца на малярыю, сапраўды лечыць заражаных каранавірусам, падзяліла грамадства. Андры Радзуэліна адказвае на закіды Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і абвінавачвае яе ў тым, што яна негатыўна настаўленая да традыцыйнай афрыканскай медыцыны».
ав