Пра гэта заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана, яго каментар апублікаваны ў «Фэйсбуку» прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, паведамляюць naviny.by.
«Мы прынялі да ведама паведамленні аб тым, што абвінавачванні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства прад'яўленыя Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ некалькім актывістам, – сказаў Стана. – З улікам адвольнага характару затрымання і крымінальнага пераследу Сяргея Ціханоўскага ЕЗ па-ранейшаму заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і зняцці ўсіх абвінавачанняў, вылучаных супраць яго і іншых актывістаў. Безумоўна, гэта датычыць таксама іншых абвінавачаных і затрыманых актывістаў».
Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў таксама адзначыў, што леташняя парламенцкая кампанія стала для беларускага кіраўніцтва «страчанай магчымасцю правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».
Падчас прэзідэнцкай гонкі 2020 года ўлады краіны «стаяць перад фундаментальным выбарам», паколькі характар правядзення гэтай кампаніі «будзе мець вырашальны ўплыў на далейшае развіццё адносін ЕЗ і Беларусі».
«Надзвычай важна, каб асноўныя правы і свабоды грамадзян Беларусі былі ў поўнай меры захаваны, і каб улады забяспечылі поўнае захаванне ўмоў для сапраўднай палітычнай канкурэнцыі. Такія крокі спрыялі б дэмакратычнаму развіццю Беларусі», – падкрэсліў Стана.
Следчы камітэт паведаміў, што Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам прадʼяўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзеянні адной з іх дадаткова кваліфікаваныя па арт. 364 КК (насілле ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
Па дадзеных следства, 29 мая ў час пікету па зборы подпісаў у Гродне «было арганізавана правядзенне незаконнага грамадскага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога здзейснены групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі«. У выніку гэтых дзеянняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
ав