Беларуская Служба

НАТА ўзмоцніць супрацьракетную абарону ў адказ на дзеянні Расіі

18.06.2020 10:10
Дэталі пастаноў застаюцца сакрэтнымі, але Енс Столтэнберг  запэўніў, што блок не будзе разгортваць новыя ракеты ў Еўропе.
J. Stoltenberg
J. StoltenbergPAP/EPA/FRANCOIS LENOIR/POOL

Рашэнні, прынятыя 17 чэрвеня, падчас відэаканферэнцыі міністрамі абароны краінаў Паўночнаатлантычнага Альянсу, з'яўляюцца адказам на дзеянні Расіі. Падставай для непакою Еўропы зʼяўляецца парушэнне Расіяй Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, якая забараняла выкарыстанне дадзенага тыпу ракет. У мінулым годзе Дамова спыніла сваё існаванне, што выклікала асцярогі з нагоды новай гонкі ўзбраенняў. З тых часоў НАТА рыхтуе новыя захады бяспекі на выпадак агрэсіўных паводзін Расіі.

Генеральны сакратар блоку НАТА Енс Столтэнберг паведаміў пасля відэаканферэнцыі, што міністры краінаў- чальцоў распачалі далейшыя крокі па гэтым пытанні.

- На сённяшняй сустрэчы міністры абмеркавалі гэтыя праблемы і прынялі рашэнне аб пакеце палітычных і ваенных дзеянняў. Яны ўключаюць у сябе, у прыватнасці, умацаванне нашай сумеснай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны.

Аналагічныя рашэнні міністры прынялі і ў лютым. Дэталі пастаноў застаюцца сакрэтнымі, але кіраўнік Альянсу запэўніў, што блок не будзе разгортваць новыя ракеты ў Еўропе. Летась восенню НАТА павялічыла колькасць ваенных вучэнняў на ўсходзе кантынента.

IAR/эж