Беларуская Служба

Прэзідэнту Косава прад'яўлена абвінавачанне ў ваенных злачынствах

25.06.2020 08:50
 Прэзідэнт Косава Хашым Тачы ды іншыя падазраваныя «нясуць крымінальную адказнасць за прыкладна 100 забойстваў».
Хашым Тачы Foto: PAP/EPA/VALDRIN XHEMAJ

Прэзідэнту Косава Хашыму Тачы і дзевяці іншым былым баевікам прадʼяўленыя абвінавачванні ў шэрагу злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах, у тым у забойствах. У апублікаванай у сераду, 24 чэрвеня, заяве спецыяльнага трыбунала ў Гаазе па расследаванні ваенных злачынстваў у Косава гаворыцца, што прэзідэнт Тачы ды іншыя падазраваныя «нясуць крымінальную адказнасць за прыкладна 100 забойстваў». У выніку злачынстваў, аб якіх ідзе гаворка, пацярпелі сотні косаўскіх албанцаў, сербаў, цыганоў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, а таксама палітычных апанентаў абвінавачаных.

Іншыя абвінавачванні ўключаюць гвалтоўнае знікненне, пераслед і катаванні.

Хашым Тачы быў адным з заснавальнікаў Вызваленчай арміі Косава (ВАК), якая дзейнічала ў перыяд вайны за незалежнасць краіны ад Сербіі. З 2000 года – старшыня Дэмакратычнай партыі Косава, у мінулым палітычнага крыла ВАК. У 2008-2014 гадах- прэмʼер-міністр рэспублікі, затым узначальваў МЗС, а ў пачатку 2016 года абраны прэзідэнтам Косава.

У выніку вайны ў Косава 1998-1999 гадоў загінула больш за 10 000 чалавек, 1641 чалавек дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Вайна скончылася пасля паветраных удараў НАТА па Сербіі, якія доўжыліся 78 дзён.

Косаўскі парламент абвясціў незалежнасць краіны ў 2008 годзе. Да цяперашняга часу незалежнасць Косава прызналі каля 100 дзяржаў – у тым ліку 22 з 27 дзяржаў-членаў ЕЗ (у гэтым ліку Польшчы). Косава да гэтага часу не зʼяўляецца членам ААН.

dw.com/эж