У сумеснай заяве міністры замежных спраў Польшчы, Украіны і Літвы просяць беларускія ўлады ўстрымацца ад прымянення сілы і вызваліць усіх арыштаваных у паслявыбарчых пратэстах.
«Мы, міністры замежных спраў Люблінскага трохкутніка, выказваем глыбокую занепакоенасць эскалацыяй сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Мы просім улады ўстрымацца ад прымянення сілы і вызваліць усіх арыштаваных учора ўвечары», – напісалі міністры. Яны дадалі, што «павага да асноўных свабод і правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону маюць важнае значэнне для далейшага развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі», якую, як яны падкрэслілі, у поўнай меры падтрымліваюць.
Міністры таксама выказалі перакананне, што «на карысць беларускага грамадства і дзяржавы цяперашнюю сітуацыю можна вырашыць толькі шляхам дыялогу». «У выпадку такой неабходнасці мы заяўляем пра гатоўнасць праявіць падтрымку і добрыя паслугі, каб палегчыць такі дыялог», – дадалі міністры.
Кіраўнікі дыпламатыі Польшчы, Украіны і Літвы адзначылі, што «будучыня і росквіт Беларусі і беларускага грамадства важныя для ўсёй Еўропы, і асабліва для нашага рэгіёна». «Мы ўсе зацікаўлены ў працягу ўзаемавыгаднага дыялогу і развіцці супрацоўніцтва, заснаванага на дэмакратычных каштоўнасцях і арыентаванага на стварэнне ўмоў для агульнай і стабільнай будучыні», – напісалі міністры ў сумеснай заяве.
ав