Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн у адмысловай заяве выказаўся наконт падзеяў у Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.
«Дэмакратыі будуюцца на простай канцэпцыі, што грамадзяне маюць права абіраць сваіх лідараў і мець голас у будучыні сваёй краіны. Пасля пакутаў ад сістэматычных рэпрэсій на працягу апошніх 26 гадоў пад аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў, азмрочаных фальсіфікацыяй, грамадзяне, якія мірна пратэстуюць, патрабуючы дакладнага падліку галасоў, сутыкнуліся з паліцыяй, якая ўжыла светлашумавыя гранаты, слезацечны газ і гумовыя кулі. Рэжым Лукашэнкі адключыў доступ у Інтэрнэт, арыштаваў пратэстоўцаў і незалежных журналістаў і паспрабаваў заткнуць рот замежным назіральнікам. Усё гэта не адпавядае ўчынкам палітычнага лідара, упэўненага ў тым, што ён перамог на справядліва праведзеных выбарах. Але дзякуючы адважным грамадзянам – журналістам, актывістам і звычайным людзям, якія дакументавалі гэтыя надзвычайныя падзеі, мы ведаем праўду пра напады на дэмакратыю, якія робяцца рэжымам.
Я падтрымліваю тых, хто заклікае да празрыстага і дакладнага падліку галасоў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Я таксама заклікаю прэзідэнта Лукашэнку паважаць правы мірных пратэстоўцаў і ўстрымлівацца ад далейшага гвалту. Мая адміністрацыя ніколі не адмовіцца ад абароны дэмакратыі і правоў чалавека, і мы будзем працаваць з нашымі дэмакратычнымі саюзнікамі і партнёрамі, каб выказвацца ў адзін голас і запатрабаваць павагі да гэтых правоў».
ав