Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЗША асудзілі гатовасць РФ да вайсковага ўмяшання ў Беларусь

18.08.2020 09:18
«Мы падтрымліваем беларусаў, якія працягваюць карыстацца сваім правам на пратэст і патрабуюць больш свабодную, больш дэмакратычную краіну. Іх галасы павінны быць пачутыя».
Siedziba Kongresu Stanów Zjednoczonych
Siedziba Kongresu Stanów ZjednoczonychShutterstock

Камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ў панядзелак, 17 жніўня, рэзка асудзіў зробленую на фоне масавых пратэстаў у Беларусі супраць неверагодных фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў, заяву прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб тым, што Расія гатовая аказаць Мінску дапамогу, у тым ліку ваенную, «для гарантавання бяспекі».

Пры гэтым кангрэсмены выказалі сваю падтрымку беларускім пратэстоўцам, якія патрабуюць рэалізацыі сваіх дэмакратычных правоў.

«Мы падтрымліваем беларусаў, якія працягваюць карыстацца сваім правам на пратэст і патрабуюць больш свабодную, больш дэмакратычную краіну. Іх галасы павінны быць пачутыя», – гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Эліота Энгела і старэйшага рэспубліканца ў камітэце Майкла Маккола.

«У той жа час, калі Крэмль спрабуе падарваць незалежнасць і суверэнітэт яшчэ адной еўрапейскай краіны, мы безумоўна асуджаем безразважную прапанову прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна забяспечыць ваенную падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Мы заклікаем адміністрацыю ЗША працягваць перадухіляць агрэсію Масквы і працаваць разам з нашымі еўрапейскімі хаўруснікамі для падтрымкі беларускага народа, патрабаваць вызвалення тысячаў затрыманых мірных дэманстрантаў і палітвязняў, асудзіць празмернае ўжыванне сілы беларускімі ўладамі і абараніць суверэннае права Беларусі самастойна вызначаць сваю будучыню», – гаворыцца ў дакуменце Палаты прадстаўнікоў ЗША.

15 жніўня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў цэнтры стратэгічнага кіравання ў Міністэрстве абароны заявіў, што падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным была дасягнутая дамоўленасць аб тым, што Масква «пры першым запыце» дапаможа абараніць бяспеку Беларусі ў выпадку знешніх ваенных пагроз.

dw.com/эж