Злучаныя Штаты Амерыкі патрабуюць неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да беларусаў і вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых, заявіў у сераду дзяржсакратар Майк Пампеа. Ён запэўніў, што ЗША „пільна сочаць за сітуацыяй у Беларусі”.
На прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне кіраўнік амерыканскай дыпламатыі выказаўся за „сапраўдыя свабодныя і сумленныя выбары з удзелам незалежных назіральнікаў”.
„Мы патрабуем неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да іх (беларусаў) і вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых, уключаючы грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава”, - сказаў Пампеа.
Дзяржсакратар таксама заявіў, што ЗША працуюць з еўрапейскімі саюзнікамі над „ санкцыямі супраць усіх, хто мае дачыненне да парушэння правоў чалавека” ў Беларусі.
Заява Пампеа супадае з ранейшымі інфармацыямі з крыніцаў у Дзярждэпартаменце. Паводле іх, ЗША разглядаюць санкцыі супраць сямі грамадзян Беларусі за ўдзел у фальсіфікацыях прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалт супраць мірных дэманстрантаў.
Нагадваем, у чэрвені Белы дом працягнуў на год санкцыі супраць беларускага прэзідэнта і некаторых яго чыноўнікаў. Згаданыя абмежаванні дзейнічаюць з 2006 года.
аз