Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ціханоўская сустрэлася ў Бруселі з кіраўнікамі дыпламатыі краінаў-членаў ЕС

21.09.2020 12:01
„Яна прадставіла нам сваю ацэнку падзеяў у Беларусі”, заявіў пасля сустрэчы кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль.
       - .
Ціханоўская сустрэлася ў Бруселі з кіраўнікамі дыпламатыі краінаў-членаў ЕС.PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза сустрэліся ў панядзелак у Бруселі з экс-кандыдатам на выбарах прэзідэнта Беларусі Святланай Ціханоўскай.

„Я рады, што мы змаглі сустрэцца са Святланай Ціханоўскай перад сустрэчай міністраў замежных спраў ЕС. (...) Яна прадставіла нам сваю ацэнку падзеяў у Беларусі. Мы ўражаны мужнасцю і настойлівасцю беларусаў, асабліва беларускіх жанчын, якія праяўляюць сапраўднае пачуццё лідарства”, - сказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль.

У сустрэчы з Ціханоўскай прынялі ўдзел амаль усе кіраўнікі дыпламатый дзяржаў-членаў Еўрасаюза.

Жазэп Барэль падкрэсліў, што ЕС будзе падтрымліваць імкненне беларускага народа да дыялогу па справе правядзення свабодных і сумленных выбараў.

„Гэта нельга лічыць знешнім умяшаннем ва ўнутраныя справы, таму што дэмакратыя і правы чалавека ляжаць у аснове ідэнтычнасці ЕС”, - дадаў Барэль.

Нагадваем, у пятніцу прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава ацаніла, што запрашэнне Ціханоўскай на сустрэчу міністраў замежных спраў ЕС з'яўляецца парушэннем статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і „часткай сцэнарыя ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі”.

Пасля сустрэчы з міністрамі замежных спраў краінаў-членаў ЕС Святлана Ціханоўская накіравалася ў Еўрапарламент на сустрэчу з кіраўніком палаты Дэвідам Сасолі і еўрадэпутатамі з Камісіі па замежных справах ЕС.

Нагадваем, Еўрапарламент абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі на мінулым тыдні. У прынятай рэзалюцыі дэпутаты заклікалі Расію не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Яны таксама заклікалі Еўрапейскую камісію падрыхтаваць пакет фінансавай падтрымкі для Беларусі і замарозіць сродкі ЕС для беларускіх уладаў.

аз