Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лідары ЕС абмяркуюць план дапамогі для Беларусі і санкцыі супраць рэжыму

01.10.2020 08:01
На мінулым тыдні прэм’ер Матэвуш Маравецк прадставіў падрабязнасці польскага плана ў Еўракамісіі.
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Санкцыі супраць беларускага рэжыму, адносіны з Турцыяй і Расіяй, а таксама эканамічныя праблемы – гэта галоўныя тэмы двухдзённага саміту, які стартуе сёння ў Бруселі. У сустрэчы возьме ўдзел прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, які прадставіць польскі план падтрымкі для Беларусі.

Праграма, якую прапануе Польшча, уключае сродкі ЕС на рэканструкцыю беларускай эканомікі, адкрыццё рынку супольнасці для беларускіх тавараў і паслуг, адмену віз для беларусаў і падтрымку краіны з боку міжнародных фінансавых інстытутаў.

Паводле Матэвуша Маравецкага, які на мінулым тыдні прадставіў падрабязнасці плана ў Еўракамісіі, прапанова дае беларусам надзею, што яны не застануцца без дапамогі.

«Важна, каб Беларусі дапамагала не толькі Польшча, але таксама Еўрапейскі Саюз. Прапанова датычыць стабілізацыйнага пакету і інвестыцый у інфраструктуру такіх устаноў, як Міжнародны валютны фонд, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскі інвестыцыйны банк», - сказаў прэм'ер Маравецкі.

Лідары краінаў ЕС таксама павінны абмеркаваць магчымыя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Да гэтай пары ў ЕС няма адзінагалоснай згоды па гэтай справе. Увядзенне абмежаванняў блакуе Кіпрам, які патрабуе ўвядзення санкцыяў супраць Турцыі за незаконнае бурэнне ў Міжземным моры.

Таму шмат будзе залежаць ад ходу дыскусіі кіраўнікоў ЕС на саміце. Супрацоўнікі  кіраўніка Еўрапейскага савета запэўніваюць, што Шарль Мішэль паспрабуе пераканаць улады Кіпра спыніць блакаванне абмежаванняў у дачыненні да Беларусі.

Папярэдні „чорны спіс” ужо ўзгоднены экспертамі. У яго былі ўнесеныя прозвішчы 40 беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Аднак прозвішча Аляксандра Лукашэнкі ў ім няма, паколькі скандынаўскія краіны лічаць, што трэба пакінуць адкрытымі каналы сувязі з беларускімі ўладамі.

аз