У Турыне да позняй ночы працягваліся сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй. Ёсць параненыя, а звыш дзесяці чалавек арыштаваныя. У многіх італьянскіх гарадах пратэставалі супраць новых мер бяспекі, уведзеных учора ў сувязі з развіццём пандэміі.
Больш за ўсё пратэстаў выклікае рашэнне аб закрыцці рэстаранаў і бараў у 18.00. У Турыне да дэманстрантаў далучыліся анархісты. Пратэстоўцы рабавалі крамы, кідалі ў паліцыю бутэлькі з бензінам, падпальвалі скутары, якія стаялі на вуліцах. Сутыкненні з паліцыяй адбыліся таксама ў Мілане, Катаніі і Трыесце.
Ужо два дні ў многіх італьянскіх гарадах пратэстуюць супраць новых абмежаванняў. На гэты раз дэманстрацыі на вуліцах Рыма, Неапаля і Генуі прайшлі адносна ціха. Пратэстоўцы, сярод якіх між іншым супрацоўнікі закрытых кінатэатраў, тэатраў, акторы і музыканты, патрабуюць неадкладнай фінансавай дапамогі ад дзяржавы. Прадстаўнікі сферы грамадскага харчавання патрабуюць дазволіць ім працаваць да 23.00. Як паведамляюць італьянскія СМІ, урад разглядае магчымасць забароны дэманстрацыі.
ПР/нг