Тысячы салдат ахоўваюць сёння могілкі і касцёлы ў Францыі. Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла, што меры бяспекі ў цэлым па краіне падвоены для аховы месцаў культу падчас святкавання Дня ўсіх святых і Дня задушнага. Улады Францыі хочуць пазбегнуць такіх нападаў, як у чацвер у базіліцы Нотр-Дам у Ніцы.
Па ўсёй краіне вайскоўцы ахоўваюць касцёлы падчас набажэнстваў і ўваходы на могілкі. МУС заявіла, што задзейнічаныя ўдвая больш салдат, чым звычайна – каля сямі тысяч. Міністр унутраных спраў таксама абвясціў, што за спакоем падчас адзначэння Дня ўсіх святых сочаць дадатковыя падраздзяленні паліцыі і жандармерыі – усяго некалькі тысяч чалавек.
Улады Францыі ўвялі надзвычайныя меры бяспекі пасля тэракту ў чацвер у базіліцы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Ніцы, у выніку якога загінулі тры чалавекі. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на ўзмацненне тэрарыстычнай пагрозы і жорсткія меры эпідэмічнага кантролю ва ўсёй краіне, французскія католікі змогуць наведваць могілкі ў памяць пра сваіх блізкіх.
ПР/нг