Расія не ўпусціла на сваю тэрыторыю польскіх настаўнікаў, якія мелі працаваць у школах у Сібіры, даведалася Польскае радыё. Расійскі бок тлумачыць сваё рашэнне пандэміяй каранавіруса.
Аднак прадстаўнікі польскай дыяспары ў Іркуцку, звяртаюць увагу на тое, што ў апошнія месяцы мясцовыя ўлады не вельмі спрыяльна ставіліся да пытанняў навучання польскай мовы і гісторыі.
З-за такой сітуацыі ў польскай вёсцы Вяршына ўпершыню за 30 гадоў у графіку заняткаў адсутнічаюць урокі польскай мовы, кажа пробашч катэдры ў Іркуцку айцец Уладзімір Сек:
- Сімвалам польскасці з’яўляецца польская вёска Вяршына, якая размешчаная ў 130 кіламетрах ад Іркуцка. Гэта адзіная вёска ў Сібіры, у якой набажэнствы служацца на польскай мове. У Вяршыне сімвалам польскасці з’яўляецца ўсё, у тым ліку жыхары, якія гавораць па-польску. Там польскую мову пачуеш на вясковай вуліцы.
Польскія дыпламаты, якія працуюць у Расіі, вялі перамовы з абласнымі ўладамі, але безвынікова. Нядаўна яны таксама накіравалі ноту ў Міністэрства замежных спраў Расіі, з просьбай даць згоду на ўезд польскіх настаўнікаў. Расейскае МЗС не пагадзілася на гэта, паясняючы адмову законамі, звязанымі з пандэміяй каранавіруса.
Тым часам, як даведалася Польскае радыё, на пачатку 2020 года ў школе і парафіі ў Вяршыне прайшлі праверкі, у тым ліку расійскай пракуратуры. Функцыянеры цікавіліся, сярод іншага, кнігамі і іншымі навучальнымі матэрыяламі, у якіх згадваліся сталінскія злачынствы і польскія героі, якія змагаліся за незалежную Польшчу.
аз