Іран абвясціў аб помсце за забойства аднаго з найважнейшых навукоўцаў, якія займаюцца ядзернай праграмай. Мохсен Фахрызадэ быў забіты ўчора ў выніку магчымай атакі каля Тэгерана. Улады Ірана заяўляюць, што напад быў здзейснены сакрэтнымі службамі Ізраіля.
У сваёй прамове па іранскім тэлебачанні прэзідэнт краіны Хасан Рухані заявіў, што напад быў здзейснены «ўзурпатарам сіянісцкага рэжыму». Гэта раўназначна з абвінавачаннем у бок ізраільскіх служб. Улады не прадстаўляюць доказаў сваіх прэтэнзій, хаця ў мінулым менавіта Масад стаяў за відовішчнымі акцыямі падобнага характару ў Іране. Улады Тэгерана таксама абвяшчаюць аб помсце за смерць Мохсена Фахрызадэ, хаця і не ўдакладняюць, якой яна будзе.
У выніку траўмаў вучоны памёр у бальніцы. Раней на машыну, на якой ён ехаў, напалі невядомыя. Яны кінулі ў машыну выбухоўку і стралялі па ёй з вінтовак. Мохсен Фахрызадэ разглядаўся спецслужбамі заходніх краін як «бацька будучай іранскай атамнай бомбы». Ён быў адным з галоўных экспертаў урада па ядзернай праграме.
Усё адбываецца ў той час, калі Іран перапрацоўвае ўзбагачаны ўран – галоўны кампанент любой ядзернай зброі. Абраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што захоча вярнуцца да ядзернага пагаднення з Іранам, спыненага Дональдам Трампам пяць гадоў таму. Аднак, улады Ірана далі зразумець, што перамовы па гэтым пытанні будуць няпростымі.
ав